УЭ́ЙК АСТРАВЫ́ (Wake island),
уладанне ЗША у цэнтр. ч. Ціхага ак., на паўн. перыферыі Мікранезіі. Уключае а-вы Уэйк, Уілкс і Піл. Пл. 6,5 км². Нас. каля 2 тыс. чал. (1998) — амерыканцы (ваеннаслужачыя і кантрактнікі). Уэйк — атол падковападобнай формы, узвышаецца над паверхняй акіяна ў сярэднім на 3,5 м. Клімат пасатны, параўнальна сухі. Ападкаў да 1000 мм за год. Бываюць тайфуны. Глебы пясчаныя, малаўрадлівыя. Жывёльны і расл. свет бедны. Усе прамысл. і харч. тавары імпартуюцца. Кабельная сувязь з Ганалулу і Гуамам.
Атол Уэйк да адкрыцця ісп. мараплаўцам А.Менданья дэ Нейра у 1568 і паўторна ў 1796 англ. капітанам У.Уэйкам быў ненаселены. З 1899 уладанне ЗША. Напярэдадні 2-й сусв. вайны тут пачалі буд-ва ваен. базы. У 1941—45 акупіраваны яп. войскамі. Пасля вайны на в-ве Уэйк створана база ВПС ЗША Аэрадром на в-ве Уэйк выкарыстоўваецца як месца для аварыйных пасадак самалётаў пры выкарыстанні трансціхаакіянскіх рэйсаў.
т. 16, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)